Каму і навошта патрэбны палітыкі дзейнасці? — OEEC
Проста аб складаным

Каму і навошта патрэбны палітыкі дзейнасці?

Хутчэй за ўсё, вы неаднойчы сустракалі гэтыя дакументы на сайтах буйных арганізацый накшталт Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН) ці ЮНЕСКА. Таксама яны ёсць на розных медыйных і актывісцкіх платформах. Аднак, што ж гэта такое — палітыкі дзейнасці? Якія пытанні яны закранаюць? Ці маюць сапраўдную карысць альбо гэта нейкая фармальнасць і даніна часу? ОЕЕС вырашыла дасканала разабрацца ў гэтым і дзеліцца з вамі сваімі высновамі.

1. Што такое палітыка дзейнасці?
2. Якія бываюць палітыкі дзейнасці?
3. Хто стварае палітыкі дзейнасці?
4. Як напісаць сваю палітыку дзейнасці?
5. Што спрыяе паспяховаму ўжыванню створаных дакументаў, а што не працуе?

1. Што такое палітыка дзейнасці?

Любая ініцыятыва, каманда ці арганізацыя будуецца на агульных каштоўнасцях.

Палітыка дзейнасці — гэта дакумент, які фіксуе гэтыя каштоўнасці, апісвае асноўныя правілы і прынцыпы, якіх прытрымліваецца пэўная супольнасць.

У які момант з’яўляецца патрэба ў такой фіксацыі? Вызначым асноўныя моманты:

1. Палітыкі патрэбны, каб пра гэтыя правілы дакладна ведалі ўсе чальцы і чаліні арганізацыі.

2. Калі арганізацыя пашыраецца і ў каманду прыходзяць новыя сябры і сяброўкі, ім таксама патрэбны пэўны арыенцір на агульныя каштоўнасці.

3. Калі запрашаеце эксперт_ак на тэрміновыя праекты і трэба дакладна данесці, якіх поглядаў прытрымліваецца арганізацыя, а чаго не дапускае ў сваёй дзейнасці. Гэта важны момант, які лепш за ўсё прапісаць і мець у якасці дакумента.

2. Якія бываюць палітыкі дзейнасці?

Вельмі розныя! Усё залежыць ад таго, у якой галіне ці сферы дзейнасці вы працуеце. Напрыклад, у вас можа быць прапісана палітыка, заснаваная на прынцыпах недыскрымінацыі. То бок вы не дапускаеце дыскрымінацыі і праяўляеце павагу да ўсіх людзей, незалежна ад іх полу, гендару, сэксуальнай ідэнтычнасці, этнічнай, рэлігійнай ці палітычнай прыналежнасці, узросту, наяўнасці інваліднасці і інш.

З палітыкай недыскрымінацыі ОЕЕС вы можаце азнаёміцца тут.

Ці вы робіце дакумент, які мэтанакіравана канцэнтруецца на нейкім адным аспекце, напрыклад, гендарным, і шматбакова раскрываеце яго. Калі вы арганізацыя, якая працуе з уразлівымі групамі ці экалагічнай тэматыкай, то будзе лагічным адлюстраваць гэта і ў сваёй палітыцы.

У адной арганізацыі можа быць шмат палітык, каб адказаць на розныя пытанні (напрыклад, гэта будзе некалькі асобных дакументаў), ці яна будзе адна, але ўключыць у сябе шырокі спектр напрамкаў.

3. Хто і калі стварае палітыку дзейнасці?

Нельга сказаць адназначна, калі прыйшоў час ствараць такі дакумент для новай арганізацыі ці ініцыятывы, бо тут няма нейкага адзінага стандарта ці інструкцыі, але адзначым, што палітыкі дзейнасці — гэта пра ўстойлівасць арганізацыі. Яе можна зрабіць адразу, як толькі сабралася каманда, а можна і праз 3–5 гадоў, а то і болей. Галоўнае тут не нейкі тэрмін, а разуменне, для чаго гэта робіцца. Таму, калі вы разам з сябрамі і сяброўкамі, калегамі і каляжанкамі вызначылі, што вам патрэбна зафіксаваць агульныя думкі, каб эфектыўна рухацца далей — можаце пачынаць.

Нягледзячы на адсутнасць стандартаў пры стварэнні палітыкі дзейнасці, будзе добра мець на ўвазе наступныя рэкамендацыі:

— па-першае, гэта агульная праца вашай каманды. Пры гэтым будзе добра, калі ёсць чалавек, як_ая адказвае за сам працэс. Асоба можа быць як з самой арганізацыі, так і запрошаным кансультантам ці кансультанткай па развіццю (калі на гэта ёсць пэўныя рэсурсы). Галоўнае, каб дакумент распрацоўваўся не асобна, а разам з камандай шляхам абмеркавання агульных думак і ідэй.

— па-другое, каб палітыка была сапраўды засвоена, патрэбна сумеснае чытанне створанага дакумента. Гэта можа быць адукацыйны фармат трэнінгаў ці разбор кейсаў. Вельмі важна, каб усё напісанае было прагаворана і абмеркавана. Толькі ў гэтым выпадку ў вас атрымаецца сапраўдная і жыццяздольная палітыка дзейнасці.

4. Як напісаць сваю палітыку дзейнасці?

Каб вам было зручна, заўжды падзяляйце складаную працу на некалькі этапаў і выконвайце іх паступова.

І этап. Вызначце адрасатаў і мэту сваёй палітыкі.
ІІ этап. Глядзіце прыклады іншых арганізацый і абірайце, што з гэтага вам найбольш падыходзіць і падабаецца.
ІІІ этап. Абмяркуйце ўсёй камандай свае пажаданні і наступныя дзеянні.

І этап. Вызначце адрасатаў і мэту сваёй палітыкі.

Удакладніце, для каго вы яе пішаце? Тут ёсць некалькі варыянтаў:

— для сябе як каманды;
— для ўсіх тых, хто з вамі супрацоўнічае (эксперт_кі, валанцёр_кі і г.д.);
— для ўдзельнікаў і ўдзельніц вашых праграм ці іншых мэтавых груп.

Прыклады мэты могуць быць наступнымі: калі вы працуеце з новымі эксперт_камі, часам мае сэнс падстрахавацца, каб быў дакумент, які можа зняць з вас адказнасць за чужыя дзеянні, якія могуць не супадаць з каштоўнасцямі арганізацыі. Ці для таго, каб новыя валанцёр_кі ведалі пра падыходы, прынцыпы і правілы вашай каманды і разумелі іх (будзе вельмі добра, калі іх яшчэ будуць і падзяляць).

ІІ этап. Глядзіце прыклады іншых арганізацый і абірайце, што з гэтага вам найбольш падыходзіць і падабаецца.

Калі вы ўжо прыйшлі да высновы, што вам патрэбен такі дакумент, але яшчэ не ведаеце, з чаго пачаць, то пацікаўцеся, як гэта робяць іншыя арганізацыі вашага профілю дзейнасці. Звярніце ўвагу на сваё бліжэйшае атачэнне, сяброўскія арганізацыі, ініцыятывы і буйныя кампаніі. У кожнай будзе свой падыход, але гэта дасць магчымасць зразумець агульныя напрамкі. Пры гэтым неабходна ўлічваць, што вы ствараеце сваю асабістую палітыку, таму няма сэнсу ад пачатку да канца капіраваць і перапісваць чужы дакумент, як бы добра ён не быў складзены.

ІІІ этап. Абмяркуйце ўсёй камандай свае пажаданні і наступныя дзеянні.

Правядзіце некалькі сустрэч (афлайн ці анлайн), на якіх кожны і кожная прагавораць свае пажаданні і бачанні наконт будучай палітыкі. Вы можаце самі дамовіцца, як будзе выглядаць дакумент, які ўсіх задаволіць, бо гэта заўжды сумесная дамова і дыялог, а таксама шырокае поле для творчай дзейнасці.

Што датычыцца знешняга выгляду палітыкі, тут таксама ўсё залежыць ад вашых пажаданняў. Яна можа быць напісана на адну старонку А4 ці на 50 старонак, з малюнкамі, схемамі і табліцамі.

Некалькі дадатковых парад па стварэнню сваіх палітык можна паглядзець тут і тут. Яшчэ ёсць добры прыклад пра палітыку разнастайнасці і інклюзіі.

5. Што спрыяе паспяховаму ўжыванню створаных дакументаў, а што не працуе?

Асноўнай умовай для карыстання палітыкай дзейнасці ўнутры арганізацыі з’яўляецца ні што іншае, як сапраўдная патрэба ў ёй. Калі арганізацыя не мае рэальнай неабходнасці ў такім дакуменце, то як бы падрабязна палітыка ні была напісана і прыгожа аформлена, яна застанецца толькі на паперы, а не ў думках і дзеяннях.

Добра мець на ўвазе, што палітыка дзейнасці — гэта дакумент, які дынамічна развіваецца. Што маецца на ўвазе? З часам арганізацыя можа пашырыць профіль і напрамкі сваёй дзейнасці, ці з’явяцца новыя выклікі, з якімі яна пачынае працаваць, і для гэтага трэба прапісаць новыя правілы.

Пачаўшы працаваць над палітыкамі дзейнасці, не бойцеся запрашаць эксперт_ак з іншых арганізацый. Паказвайце свае накіды тым, хто думае ці працуе ў такім жа кірунку. Чым больш людзей ўключана ў працэс стварэння, тым лепш, бо патрэбны новыя погляды і пункты гледжання. Гэта дапаможа скарэктаваць ці дапоўніць ваша бачанне. Аднак памятайце: калі стварэннем палітыкі арганізацыі цалкам займаецца запрошан_ая звонку эксперт_ка, а каманда не прымае ў гэтым ніякага удзелу, тады дакумент не працуе. Чаму? Каманда не ўспрымае гэта як нешта сваё, а нібыта ім далі правілы «зверху». Калі людзі не ўдзельнічаюць у стварэнні дакумента, яны ім не карыстаюцца.

Што яшчэ замінае? Занадта вялікі памер палітыкі. Чым больш старонак, тым менш верагоднасць, што яе сапраўды будуць чытаць і выконваць. Лепшай ілюстрацыяй гэтага тэзіса з’яўляецца вядомы выраз Уінстана Чэрчыля: «Небывалая таўшчыня гэтай справаздачы абараніла яго ад небяспекі быць прачытаным». Так, гэта прынцып буйных кампаній — «падкласці саломкі на любы выпадак», аднак у гэты самы момант дакументы і перастаюць працаваць. Таму што іх становіцца зашмат і яны набываюць выгляд нейкай фармальнасці.


Чым карысна палітыка дзейнасці? Яна падмацоўвае вашы каштоўнасці і добра іх ілюструе, гэта рух вашай ініцыятывы, каманды ці арганізацыі, незалежна ад колькасці яе ўдзельні_ц і тэрміна існавання. Гэта тое, што можа стаць падмуркам вашай дзейнасці і арыенцірам для іншых людзей і арганізацый, што з вамі можна мець агульныя справы.

Рекомендуем почитать:
Меркаванні эксперт_ак

Як улічваць гендарную (ня)роўнасць у грамадскай дзейнасці і актывізме?

Проста аб складаным

5 крокаў, каб ператварыць ідэю ў карысны праект

Проста аб складаным

«Чтобы изменить жизнь, иногда достаточно изменить подход к обучению». Что такое самонаправленное обучение и как оно работает