Дзе пачынаецца гендарная няроўнасць? — OEEC
Проста аб складаным

Дзе пачынаецца гендарная няроўнасць?

Хутчэй за ўсё, многія з вас чулі гэтыя выразы яшчэ з дзяцінства і добра іх памятаюць: «хлопчыкі — тэхнары, дзяўчынкі — гуманітарыі», «гэта не жаночая справа», «хлопчыкі не плачуць» і г.д. Ці шмат чаго змянілася за апошнія 10–20–30 гадоў у Беларусі? Альбо наадварот, замацавалася і пагоршылася?

Пасля папярэдняй размовы з эксперткай Юліяй Папружанкай у артыкуле «Як улічваць гендарную (ня)роўнасць у грамадскай дзейнасці і актывізме?» у нас засталіся некаторыя пытанні і мы вырашылі вярнуцца да гэтай тэмы. Зараз абмяркуем тыя базавыя рэчы, «дзякуючы» якім хлопчыкі і дзяўчынкі засвойваюць пэўныя ролі яшчэ з маленства. Ці магчыма гэтага пазбегнуць і як гэта зрабіць?

1. Гендарная няроўнасць «уклад жыцця грамадства»?
2. Школа гендарны сацыяльны інстытут
3. Аналіз школьных падручнікаў
3.1 Матэматыка, 1 клас
3.2 Беларуская мова, 9 клас
4. Што трэба ўлічваць, каб пазбегнуць гендарнай няроўнасці праз адукацыю

Юлія Папружанка
кансультантка па пытаннях гендарнай роўнасці, магістарка філасофіі (MPhil)

1. Гендарная няроўнасць «уклад жыцця грамадства»?

Гендарная роўнасць палягае ў аснове правоў чалавека і каштоўнасцяў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН). Яна заўжды падкрэсліваецца як неабходная ў дасягненні паўнавартаснай рэалізацыі свайго жыцця. На сайце Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека адзначаецца, што нягледзячы на забарону гендарнай дыскрымінацыі практычна ўсімі дамовамі ў галіне правоў чалавека, «мільёны жанчын і дзяўчынак па-ранейшаму зазнаюць гвалт і дыскрымінацыю, пазбаўленыя раўнапраўя, годнасці і самастойнасці, а часам і права распараджацца сваім жыццём». 

Таксама на сайце падкрэсліваецца: «Дыскрымінацыя і гвалт у адносінах да жанчын і дзяўчынак, якія сыходзяць каранямі ва ўклад жыцця грамадства, — устойлівыя і сістэмныя з’явы. У апошнія гады зноў назіраюцца скептыцызм і адмаўленне міжнародных стандартаў, якія тычацца правоў жанчын, гендарнай роўнасці і гендарнага гвалту, а жанчыны і дзяўчынкі ўсё часцей выступаюць з патрабаваннем забяспечыць раўнапраўе, у тым ліку ў рамках фемінісцкіх рухаў». 

Гэта падштурхнула нас звярнуць увагу на беларускі кантэкст. На падставе якіх прыкладаў мы бачым фарміраванне гендарнай няроўнасці? Што можа быць нябачным, схаваным, але пры гэтым мець значны ўплыў гендарнага вымярэння?

Сапраўды, у аснове дыскрымінацыйных практык і культуры гвалту ляжаць гендарныя стэрэатыпы. Наш аналіз ніжэй — гэта спроба разгледзець, наколькі навучальныя школьныя дапаможнікі нейтральныя ў выкладанні аб’ектыўных ісцін. Ці магчыма без наўмысных намаганняў не трансліраваць гендарныя стэрэатыпы ў тых тэкстах і тэмах школьнай адукацыі, што не тычацца непасрэдна гендарнай тэматыкі.

2. Школа — гендарны сацыяльны інстытут

Звычайна, калі людзі адкрываюць для сябе новыя важныя факты або з’явы, яны часта ўсклікаюць «Гэтаму ж у школе трэба вучыць!». Зразумела, не школа цалкам адказная за тое, якімі пасталеўшыя людзі бачаць сябе і іншых, якія жыццёвыя выбары здзяйсняюць. Але і доля ўплыву школы на тое, якімі вырастаюць людзі, вялізная. Адна з адчувальных і вымерных праяў гэтага ўплыву — выявы і ролі людзей у грамадстве, з дапамогай якіх падручнікі распавядаюць і перадаюць аб’ектыўныя веды.

Хоць у нашай краіне ўжо шмат дзесяцігоддзяў дзяўчаты і хлопцы маюць роўны доступ да адукацыі, навучаюцца ў гендарна-змешаных групах (класах, школах) па аднолькавых праграмах, школьная адукацыя няспынна стварае і ўзнаўляе гендарныя адрозненні, пастаянна вылучае пол дзяцей, нібы сартуе іх у дзве розныя скрыні, такім чынам узнаўляючы гендарную няроўнасць. Асаблівасць адукацыі як сацыяльнага інстытута ў тым, што гэта адбываецца схавана.

Кожны тып і ўзровень адукацыйных устаноў (дзіцячы сад, школа, ВНУ і г.д.) мае пэўны пакет дакументаў, які апісвае яго прызначэнне і структуру, дэталізуе назвы дысцыплін, колькасць вучэбных гадзін, змест, задачы — гэта значыць вучэбны план. Гэты афіцыйны дакумент адлюстроўвае прадпісаны змест адукацыі, што складае яе вонкавы вобраз.

Тым не менш, ёсць нешта ў адукацыі, што ўплывае на нас па-за межамі фармальнай вучэбнай праграмы. «Схаваны план» у школе стварае і надае вялікае значэнне мноствам адрозненняў: паміж жанчынамі і мужчынамі, паміж беднымі і багатымі, паміж гарадскімі і вясковымі і г.д. «Схаваны план» даследуецца ў трох вымярэннях: арганізацыя самой навучальнай установы, змест адукацыі і стыль навучання. Ніжэй мы разгледзім адну з крыніц зместу адукацыі — школьныя падручнікі.

Катэгорыі гендарнага аналізу школьных падручнікаў выцякаюць з ключавых адрозненняў у існуючым гендарным парадку: знешні выгляд, паводзіны, прафесіі і хобі, бюджэт часу, роля ў сям’і, валоданне рэсурсамі.

Чым больш трывалыя межы гэтых адрозненняў, тым лепш узнаўляюцца гендарныя стэрэатыпы, тым устойлівей гендарная няроўнасць у грамадстве.

Таксама падчас аналізу важна заўважаць сумесную дзейнасць хлопчыкаў і дзяўчынак у кожным з крытэрыяў. Прыклады таго, як героі і гераіні  тэкстаў занятыя чымсьці разам, разбураюць стэрэатып аб крытычнай несумяшчальнасці жаночага і мужчынскага жыццёвага досведу. То бок ідэю пра тое, што жанчыны і мужчыны могуць сустрэцца толькі ў сваіх рамантычных ролях, што розная анатомія прыводзіць да рознага лёсу, што мы належым да розных біялагічных тыпаў, як, напрыклад, вожыкі і конікі.

(Малюнак: Дзеці рознага полу занятыя адной справай, разам, з супастаўнымі вынікамі)

Наступная важная катэгорыя — аўтарства падручнікаў. Гэта можа падацца неістотным, бо прозвішчы ёсць на вокладцы, а імёны на заднім форзацы. Але стэрэатыпны вобраз аўтара значнага тэксту ў нашай культуры — мужчына (успомніце нізку партрэтаў у кабінетах літаратуры ў школах). Двухтомнік ангельскага Бонк, падручнік па матэматыцы Петерсан, шкала Апгар — ці шмат хто з нас усведамляе, што гэтыя ўзорныя методыкі стварылі Наталля Аляксандраўна, Людміла Рыгораўна і Вірджынія? Згадваць, падкрэсліваць аўтарства жанчын важна, каб справядліва адлюстроўваць гісторыю ведаў і запрашаць да аўтарства новых ведаў і дзяўчынак, і хлопчыкаў.

Пра тое, наколькі фундаментальныя і ўстойлівыя ўяўленні, сфарміраваныя ў дзяцінстве, гавораць лічбы на прыкладзе прафесійнага самавызначэння. Калі спыталі 20 тысяч дзяцей ва ўзросце ад 7 да 11 гадоў з 20 краін, у тым ліку з Беларусі, высветлілася, што ўжо 7-гадовыя дзеці адрозніваюць «жаночыя» і «мужчынскія» прафесіі і робяць стэрэатыпны выбар у «правільнай» сферы: хлопчыкі маюць намер працаваць з прадметамі (напрыклад, інжынеры), дзяўчынкі — з людзьмі (настаўніца, медсястра). Самы распаўсюджаны кар’ерны план для хлопчыкаў — паліцыя або армія, для дзяўчынак — школа.

Парадаксальна, але наш прафесійны выбар развіваецца не праз пашырэнне жыццёвага досведу і набыцця новых ведаў, а праз адсейванне варыянтаў. Гэты працэс пачынаецца несправядліва рана:

  • Ва ўзросце 3–5 гадоў дзеці адрозніваюць дарослых ад дзяцей, разумеюць, што прафесійная праца — гэта свет дарослых. З кар’ерных опцый выбываюць звяры і фантастычныя персанажы.
  • Ва ўзросце 6–8 гадоў дзеці цвёрда вылучаюць гендарныя ролі ў грамадстве па вонкавым выглядзе і тыповай занятасці. З кар’ерных опцый выкасоўваюцца прафесіі «не сваёй» ролі.
  • У 9–13 гадоў дзеці ведаюць аб сацыяльным статуце. З кар’ерных опцый выкасоўваюцца тая, што здаюцца ім нізкага ці занадта высокага сацыяльнага статусу для сябе.

Пасля 14 гадоў дзеці пачынаюць выбіраць з тых прафесій, што засталіся, з фокусам на свае асабістыя ўнікальныя схільнасці і жаданні. А ці яшчэ ёсць з чаго абіраць?

3. Аналіз школьных падручнікаў

Падручнікі не толькі нейтральна і аб’ектыўна адлюстроўваюць стан ведаў у пэўнай дысцыпліне. Яны таксама ацэньваюць існуючыя веды, ствараюць новыя веды і абмяркоўваюць сацыяльныя змены. Як сацыяльны інстытут, школа ўдзельнічае ў стварэнні і падтрыманні гендарнай няроўнасці. Аналіз прапануе паглядзець на тое, як склад лікаў і правапіс суфіксаў звязаныя з гендарам.

Мы прыклалі рамку гендарнага аналізу (Harvard Analytical Framework) да падручнікаў 1-га класа па матэматыцы і 9-га класа па беларускай мове і прачыталі іх тэксты ў адпаведнасці з аналітычнымі катэгорыямі:

1. Ролі мужчын і жанчын
2. Заняткі мужчын і жанчын
3. Рэсурсы (часу, маёмасці)
4. Фактары, якія вызначаюць такое размеркаванне

Мы запісалі кантэксты згадвання герояў асобна для дзяўчынак і жанчын, хлопчыкаў і мужчын і параўналі спісы. Давайце звернемся да канкрэтных прыкладаў. Лічбы ў дужках азначаюць колькасць разоў.

3.1 Матэматыка, 1 клас

На вокладцы намаляваны адзін хлопчык і адна дзяўчынка

Аўтарка: адна жанчына (па ініцыялах гэта незразумела); рэцэнзентка — адна жанчына.

1. Ролі мужчын і жанчын:

  • У падручніку з дзецьмі пастаянна ўзаемадзейнічаюць 2 персанажа — хлопчык і дзяўчынка. Яны згадваюцца блізкую колькасць разоў (51% дзяўчынка, 49% хлопчык). Аднак пры аналізе іншых катэгорый відавочна, што колькасная справядлівасць не азначае справядлівасці якаснай.

2. Заняткі мужчын і жанчын:

Прафесійныя заняткі згадваюцца для дзяўчынак і жанчын 8 разоў: жанчыны пякуць ці прадаюць хлеб (4), дзяўчынка шые (2) і дзяўчынка будуе дом (2). Для хлопчыкаў — 12 разоў, сярод іх ён будуе дом (4), водзіць самалёт, аўтобус ці малюе машынкі (3), кожны раз хлопчык апрануты ў прафесійную форму будаўніка / архітэктара / пілота / машыніста.

(Малюнкі: Заняткі дзяцей, форма як маркер прафесійнай дзейнасці)

Адзіная згадка лідараў у класе звязана з матэматыкай і правам прадстаўляць школу на алімпіядзе, з 4-х прэтэндэнтаў усе хлопчыкі.

(Малюнак: Матэматычныя поспехі і здольнасці паводле полу)

Дзяўчынкі занятыя рэгулярнымі хобі 4 разы: даглядаюць кацяня, гадуюць ружы і атрымліваюць у падарунак прылады для актыўных хобі (лыжы, канькі, санкі) — даволі нестэрэатыпны ўчынак з боку дарослых. Акрамя таго, чатыры дзяўчынкі дзейнічаюць разам, ідучы ў тэатр. Хлопчыкі занятыя хобі 10 разоў, адзін з іх — у нестэрэатыпнай ролі клопату пра кацяня (праілюстравана), астатнія разы яны гуляюць у актыўныя шумныя гульні ці з мячом (4), маюць камп’ютар, ходзяць у цір і выйграюць спаборніцтвы.

За рознымі заняткамі дзяўчынкі апісаны 16 разоў, хлопчыкі 10 разоў, за сумеснымі заняткамі таксама 10 разоў. 

Заняткі дзяўчынак прысвечаны камунікацыі ці здароўю: яны адпраўляюць паштоўкі (2) і гуляюць у лесе на лыжах (2), 2 разы дзяўчаты занятыя чымсьці разам (вядуць карагод, дзеляцца яблыкамі). Таксама дзяўчынка мае патрэбу ў дапамозе, бо спазнілася, не завёўшы гадзіннік, ці згубілася (2), даглядае ці збірае кветкі (3) і няспынна малюе (4).

Лад жыцця хлопчыка менш варыятыўны: ён запісвае фільм на флэшку, заводзіць свой гадзіннік, пускае змея, рыбачыць, сустракаецца са сваімі сябрамі. З кветкамі хлопчык звязаны праз дарэнне букета дзяўчынцы (1), хлопчыкі разам робяць урокі.

Усё, што хлопчык і дзяўчынка робяць 10 разоў разам, цудоўна сваёй нестэрэатыпнасцю і ідэяй сумеснасці: будуюць снежную крэпасць, шукаюць шчанюка, едуць у цягніку, пераадольваюць перашкоды, катаюцца на роліках, ядуць торт і г.д.

3. Рэсурсы (часу, маёмасць):

  • Выпадкі выканання хатняй працы размеркаваны нераўнамерна і адпавядаюць стэрэатыпным уяўленням аб жаночай і мужчынскай зонах адказнасці: 17 разоў сярод дзяўчынак/жанчын і 5 разоў сярод хлопчыкаў/мужчын. Хлопчык нестэрэатыпна частуе сяброў ежай і прышывае гузік (2), таксама хлопчык пілуе і налівае ваду ў сасуд (нейтральнае). Дзяўчынкі пры гэтым разліваюць малако ў слоікі, частуюць гасцей, мама набывае прадукты і гатуе ежу 5 разоў, дзяўчынка двойчы ставіць кветкі ў вазу, двойчы клапоціцца пра куранят, двойчы занятая ежай.
  • Здольнасць набыць жаданае згадваецца ў дзяўчынак і жанчын 2 разы, хлопчыкаў — 3 разы. І дзяўчынка, і хлопчык купляюць падарункі сябрам, аднак дзяўчынка купляе ўпрыгожванні для сукенкі, хлопчык — флэшку.

(Малюнак: Некаторыя са шматлікіх заняткаў па забеспячэнні жыцця, якія выконвае мама)

4. Фактары, якія вызначаюць такое размеркаванне:

Дзяўчынкі ў кантэксце сям’і згадваюцца 1 раз, хлопчыкі — тройчы. Хлопчыкі заўсёды ў суправаджэнні старэйшых мужчын сям’і, часта занятыя сумеснай справай. Катэгорыя адзення ці знешняга выгляду згадваецца 1 раз, толькі для дзяўчынак.

Аналіз дэманструе, якім чынам аднолькавая колькасць з’яўленняў персанажаў нічога не мяняе з пункту гледжання гендарнага балансу. Ролі дзяцей ашаламляльна адрозніваюцца ў залежнасці ад іх полу, яны занятыя розным і ў розных месцах: дзяўчынка аказваецца паблізу да дома, у хлопчыка шмат вясёлых хобі дзе заўгодна. Яго хобі — яго ўласны інтарэс, гэта разнастайны спорт і перамогі ў ім, дзяўчынцы ж выдаюць 2 разы лыжы, каб яна ехала на іх уздоўж.

Больш за ўсё мы вылучылі гендарных стэрэатыпаў, звязаных з прафесійнымі ролямі і выкананнем хатняй працы (т. зв. рэпрадуктыўнай). Абедзве сферы з’яўляюцца крытычнымі фактарамі ў пераадоленні сістэмнай гендарнай няроўнасці.

Цікава, што выява сям’і у падручніку паказана праз набор мужчынскіх роляў (дзядуля, бацька, сын). Сям’я — гэта ідылічнае сумеснае баўленне часу ў коле спадчыннікаў, у той час як уся праца па падтрыманні побыту і пракорму гэтай сям’і ляжыць выключна на маме.

3.2 Беларуская мова, 9 клас 

(старонкі 1–133 з 208)

На вокладцы выява Пятра Мсціслаўца і подпіс: «Пётр Мсціславец адрадзіў і ўзбагаціў традыцыі кнігадрукавання, закладзеныя першадрукаром Францыскам Скарынам». Такім чынам, згадваюцца два мужчыны

Аўтар_кі і рэцэнзент_кі падручніка: падручнік складзены пяццю жанчынамі. Але пра гэта немагчыма даведацца па вокладцы, на якой змешчаны толькі іх ініцыялы і прозвішчы. На апошніх старонках можна пабачыць поўныя імёны трох з пяці жанчын. Рэцэнзенты — жанчына і мужчына, прычым мужчына мае значны прафесійны статус (дацэнт універсітэта), а жанчына — настаўніца гімназіі. Аўтарка вокладкі і ілюстрацый падручніка — жанчына.

Найвялікшую долю корпуса тэкстаў падручніка складаюць тэксты «не пра людзей»: прыроду, помнікі, музычныя інструменты, радзіму і пачуцці да яе, мастацтва, развіццё тэхналогій, транспарт і г.д.

1. Ролі мужчын і жанчын:

  • Сярод славутых людзей Беларусі і свету згадваецца адна жанчына і 19 мужчын, да якіх трэба дадаць 9 паганскіх багоў. Кожнаму з 19 мужчын прысвечаны як мінімум адзін разгорнуты тэкст.

2. Заняткі мужчын і жанчын:

  • Прафесійны свет жанчыны згадваецца 1 раз «дзяўчына пасля школы ідзе працаваць на завод», мужчыны — 21 раз. Сярод мужчынскіх прафесій ёсць як традыцыйныя (ляснік, дравасек, праграміст), так і менш стэрэатыпныя (мовазнаўца, мастак, асветнік). Роля мужчыны-творцы таксама заўважная: розныя мужчыны ствараюць то святыню, то штучную мову, то нешта цудоўнае.
  • Хобі не згадваюцца ўвогуле ні для каго.
  • Варыянты заняткаў і паводзінаў размеркаваныя нераўнамерна. 11 выпадкаў з жанчынамі апісваюць назіранне за прыродай каля дома, хваляванне ад спаткання, веданне тэатральнага мастацтва. У 2 выпадках дзве дзяўчыны робяць нешта разам, нават плануюць вандроўку. Адзін раз настаўніца перапыняе дзяўчыну, якая правільна адказвае ў школе. 12 выпадкаў заняткаў мужчын уключаюць ратаванне звяроў, назіранне за прыродай і войскам, вандроўку, няздольнасць выразіць эмоцыі словамі, забарону выражаць эмоцыі. Заняткі, звязаныя з рамантычным кантэкстам, паказваюць мужчын актыўнымі назіральнікамі за жанчынамі, калі тыя не могуць іх убачыць; жанчыне спачуваюць, калі яе ніхто не праводзіць дадому. Сумесны занятак уключае прыгатаванне ежы ў паходзе.

(Малюнак: Ролі дзяўчын у сказах: альбо частка рамантычный пары ці яе адсутнасці, альбо чалавек, апісаны і ацэнены з пункту гледжання яе фізічных уласцівасцяў)

3. Рэсурсы (часу, матэрыяльныя):

  • Маёмасць не згадваецца ні для мужчын, ні для жанчын.
  • У кантэксце выканання рэпрадуктыўнай працы мужчыны згадваюцца 2 разы (абодва — праца ў полі, сеяць жыта); жанчыны — 11 раз. Палову з іх жанчыны гатуюць ежу, другую палову — мыюць рушнікі, вокны, абрусы, бялізну. Сумесна не выконваецца ніводная праца.

4. Фактары якія ўплываюць на прынятае размеркаванне:

  • 18 выпадкаў атрыбуцыі для жанчыны, 0 — для мужчыны. Трэць характарыстык жанчыны — пра знешні выгляд: згадваецца хараство як абсалютная жаноцкая вартасць, паўната цела як загана, якую можна скампенсаваць элегантнасцю. Знешняе хараство жанчыны параўноўваецца са светам прыроды (2), сцвярджаецца абсалютнасць стэрэатыпу жаноцкай гендарнай ролі (7), якому адпавядае гонар, таямніца, маладосць, дабрата, святыні сям’і і дзяцей, за што беларускай жанчыне ўзнагарода — адсутнасць гвалту («не кінуць каменем»).
  • Жанчына ў адносінах да сям’і згадваецца толькі ў метафарычным сэнсе (3), для перадачы высокамаральнага сэнсу, звычайна звязанага з радзімай ці маральнымі якасцямі (напрыклад, надзеяй). Мужчыны рознага ўзросту згадваюцца 4 разы ў адносінах да сям’і: яны разам ратуюць слабейшых і меншых, перадаюць веды малодшым, гутараць пра сэнс жыцця і г.д.

Аўтар_камі тэкстаў, сказаў і цытат падручніка з’яўляюцца 250 мужчын і 26 жанчын (91% і 9% адпаведна).

4. Што трэба ўлічваць, каб пазбегнуць гендарнай няроўнасці праз адукацыю

Адукацыя — з’ява рэальнага свету, і яна здольная перадаваць веды і тлумачыць свет, адлюстроўваючы тое, што існуе вакол вучняў: розныя людзі займаюцца любымі, разнастайнымі заняткамі, іх бабулі займаюць пасады і працуюць па-за пенсійным узростам, таты набываюць прадукты, дзядулі суцяшаюць, хлопцы і дзяўчаты не толькі глядзяць адзін на аднаго, але і гутараць пра штосьці акрамя спаткання.

Падручнікі з пункту гледжання зместу, ілюстрацый, а таксама дыдактычных і метадычных падыходаў павінны:

  • рэпрэзентаваць і павялічваць бачнасць таго полу, які стэрэатыпна выключаны з пэўнай грамадскай з’явы ці актыўнасці,
  • выяўляць гендарную няроўнасць і дыскрымінацыю, а таксама іх крыніцы,
  • прапаноўваць і дзяўчынкам, і хлопчыкам пазітыўныя магчымасці для ідэнтыфікацыі з актуальнымі сучаснаму жыццю ролямі ў грамадстве,
  • падкрэсліваць дасягненні жанчын у мінулым і сучаснасці.

 Ролі, мадэлі паводзінаў:

  • Падручнікі могуць уключаць небінарных персанаж_ак, па імені ці выглядзе якіх немагчыма вызначыць, ці з’яўляецца іх гендар мужчынскім альбо жаночым.
  • У падручніку паказаны мужчыны і жанчыны, юнакі і дзяўчыны ў разнастайных, а не толькі стэрэатыпных відах дзейнасці.
  • Падручнік паказвае мужчын і жанчын, хлопцаў і дзяўчын з разнастайнымі, а не толькі стэрэатыпнымі характарыстыкамі, эмоцыямі і спосабамі паводзін.
  • Падручнік паказвае, што мужчыны і жанчыны ў роўнай ступені адказваюць за дабрабыт дзяцей.
  • Мужчыны і жанчыны, хлопчыкі і дзяўчаты дзейнічаюць і актыўна, і пасіўна ў паўсядзённым жыцці і ў вольны час.
  • У дзяўчынак і хлопчыкаў цікавыя і разнастайныя захапленні і спартыўныя інтарэсы.
  • Нестэрэатыпныя паводзіны дэманструюцца або нейтральна, або пазітыўна.
  • Падручнік паказвае сучасны лад жыцця, рэалістычны побыт і бытавыя абставіны. Напрыклад: сем’і з бацькам і маці, з адным дарослым, шматдзетныя сем’і, мужчыны і жанчыны сталага веку і г.д.
  • Падручнік паказвае гэтыя розныя спосабы жыцця як нармальныя або пазітыўныя.
  • Мужчыны і жанчыны, дзяўчынкі і хлопчыкі паказаны ў розных сацыяльных, культурных кантэкстах. Гэтыя розныя кантэксты паказаны нейтральна або пазітыўна, без прыніжэння або перабольшвання аднаго з іх.
  • Падручнік падкрэслівае важнасць сумеснай адказнасці ў партнёрскіх адносінах (напрыклад, планаванне сям’і).
  • Рамантычныя ці сэксуальныя паводзіны не адлюстроўваюць стэрэатыпнай пасіўнай ролі для жанчыны.
  • Падручнік выразна заяўляе пра недапушчальнасць гвалту ў супрацоўніцтве ці ў партнёрстве.

(Малюнкі: Кантэкст паводле полу пры аднолькавых рэаліях)

Праца, прафесіі:

  • Падручнік паказвае мужчын і жанчын як прафесійна занятых людзей.
  • Вучні і вучаніцы могуць знайсці разнастайныя прыклады для пераймання пры выбары прафесіі.
  • Падручнік запрашае вучняў і вучаніц даведацца пра нетыповыя маршруты прафесійнага развіцця.
  • Падручнік паказвае і мужчын, і жанчын на кіруючых і розных па іерархіі пасадах.
  • Падручнік разглядае існуючыя адрозненні ў кошце працы (аплата і прэстыж) з пункту гледжання гендара.
  • Падручнік разглядае гендарную сегрэгацыю на рынку працы і надае ёй негатыўную адзнаку.
  • Падручнік распавядае пра праблемы на рынку працы, звязаныя з гендарам (магчымасці кар’ернага росту, гендарная розніца ў аплаце працы, сумяшчальнасць працы і сям’і, няпоўны працоўны дзень і г.д.).
  • Хатнюю працу выконваюць мужчыны і жанчыны.
  • Мужчыны і жанчыны аднолькава адказныя і зацікаўленыя ў вядзенні хатняй гаспадаркі і адукацыі сваіх дзяцей.
  • Як мужчыны, так і жанчыны паказаны як у прыватных, так і ў сямейных і працоўных сітуацыях.
  • Кіраванне сямейнымі справамі лічыцца такім жа важным, як і занятак, які прыносіць прыбытак.

Гістарычная і прававая база:

  • Падручнік робіць акцэнт на падыходзе, заснаваным на правах чалавека, калі гаворка ідзе пра роўнасць мужчын і жанчын.
  • Падручнік не (толькі) маралізуе і заклікае да павагі да жанчын, а спасылаецца на прававыя нормы.
  • Падручнік распавядае пра гістарычную барацьбу жанчын за свае правы, як у міжнародным, так і нацыянальным кантэксце.

Ілюстрацыі:

  • Падручнік змяшчае збалансаваную колькасць ілюстрацый мужчын і жанчын, паказвае іх нестэрэатыпна, а таксама ўключае гендарна-нейтральныя ілюстрацыі людзей.
  • Падручнік змяшчае выявы людзей з розным паходжаннем і ўсіх груп грамадства (людзей з інваліднасцю, мігрантаў, ЛГБТК+, людзей старэйшага ўзросту, моладзі і г.д.) і прадстаўляе іх у нестэрэатыпнай і паважлівай форме.
  • Ілюстрацыі не супярэчаць пасланню тэкста.
  • Ілюстрацыі не замацоўваюць стэрэатыпы і забабоны.

Дасягненне гендарнай роўнасці ў адукацыі — гэта бесперапынны працэс, які патрабуе супрацоўніцтва паміж педагогамі, бацькамі і палітыкамі. Ужываючы гэтыя рэкамендацыі, школы могуць стварыць асяроддзе, у якім усе вучані_цы маюць роўныя магчымасці развівацца і дабівацца поспеху.

Рекомендуем почитать:
Проста аб складаным

Як падрыхтавацца да публічнага выступу?

Меркаванні эксперт_ак

Як улічваць гендарную (ня)роўнасць у грамадскай дзейнасці і актывізме?

Проста аб складаным

5 крокаў, каб ператварыць ідэю ў карысны праект