З веданнем справы 2.0 — OEEC

З веданнем справы 2.0

Беларускі нацыянальны моладзевы савет «РАДА» запускае курс па нефармальнай адукацыі для вядоўцаў адукацыйных мерапрыемстваў.

Пра што курс

Каротка – пра тое, як быць эфектыўн_ай трэнер_кай і ствараць якасныя навучальныя мерапрыемствы самых розных фарматаў.

Курс дапаможа разабрацца, што трэба ўлічваць пры распрацоўцы адукацыйных праграмаў і якія кампетэнцыі абавязковыя для трэнер_ак нефармальнай адукацыі. Вы даведаецеся, як працуе навучанне праз асабісты досвед і як дапамагчы людзям вучыцца эфектыўней. А таксама патрэніруецеся ў пастаноўцы мэтаў і задач трэнінгаў і паспрабуеце распрацаваць сваю ўласную адукацыйную праграму.

На працягу ўсяго курса вы будзеце ў кантакце з эксперткамі, якія дапамогуць з любымі пытаннямі, пракаментуюць выкананыя практычныя заданні і забяспечаць ментарскую падтрымку.

З чаго складаецца курс

Вас чакае 5 тэматычных модулей. Кожны модуль складаецца з лекцыённага матэрыялу і практычнага задання, якія будуць даступныя 24/7 на спецыяльнай платформе – вучыцеся ў зручны вам час!

Дадаткова пройдуць 4 анлайн-сустрэчы, каб больш глыбока пагрузіцца ў пэўныя тэмы і папрацаваць у групах.

Курс цалкам ананімны. Платформа, на якой будзе праводзіцца навучанне, адпавядае ўсім правілам бяспекі.

Расклад курса
  • 23 траўня – Запуск першага модуля «Нефармальная адукацыя і фарматы мерапрыемстваў». Анлайн-сустрэча. Знаёмства ўдзельнікаў і ўдзельніц курса
  • 30 траўня – Запуск другога модуля «Распрацоўка праграмы адукацыйнага мерапрыемства»
  • 1 чэрвеня – Анлайн-сустрэча па распрацоўцы праграм трэнінгаў і іншых адукацыйных мерапрыемстваў
  • 6 чэрвеня – Запуск трэцяга модуля «Метады інтэрактыўнага навучання»
  • 13 чэрвеня – Запуск чацвёртага модуля «Ацэнка адукацыйнага мерапрыемства»
  • 15 чэрвеня – Анлайн-сустрэча па разбору тыповых памылак у распрацоўцы праграм і іх правядзенні
  • 20 чэрвеня – Запуск пятага модуля «Скразныя каштоўнасці» (апцыянальны)
  • 27 чэрвеня – Закрыццё курса. Падсумаванне па практычных заданнях. Анлайн-выпускны
Трэнеркі курса

Марыша Корж – трэнерка праграм нефармальнай адукацыі. Распрацоўвае і праводзіць адукацыйныя праграмы для IT-бізнесу, а яшчэ шмат працуе з моладдзю і моладзевымі працаўнікамі_цамі, арганізацыямі грамадзянскай супольнасці. Марыша спецыялізуецца на крызісных сітуацыях са складанымі групамі і незразумелымі запытамі. Нудзіцца па афлайн-трэнінгах, калі можна пагружацца ў групавую дынаміку і абменьвацца энергіяй з удзельнікамі_цамі. Марыша – чаліня Рэсурснага цэнтра SALTO для краін Усходняй Еўропы і Каўказа і Рады Еўропы.

Юлія Станкевіч – трэнерка нефармальнай адукацыі з дваццацігадовым досведам. Праводзіць самыя розныя адукацыйныя мерапрыемствы: як разавыя трэнінгі, так і доўгатэрміновыя курсы на паўтары гады. Больш за ўсё любіць ствараць навучальныя праграмы для іншых адукатораў_к. Чаліня пула трэнераў_к моладзевага дэпартамента Рады Еўропы, Гільдыі міжнародных трэнераў_к у сферы моладзевай працы.

Дэдлайн падачы заяўкі – 17 траўня ўключна.

Па ўсіх пытаннях смела пішыце на study.help@rada.fm.

03.05.2023 - 17.05.2023
Online
Просмотры: 483