Анлайн-курс па прасоўванні сваёй дзейнасці — OEEC

Анлайн-курс па прасоўванні сваёй дзейнасці

Беларускі нацыянальны моладзевы савет «РАДА» запускае набор на анлайн-курс «Прасоўванне сваёй дзейнасці» пра тое, як прасоўваць сваю арганізацыю ці праекты.

Важна, каб арганізацыі грамадзянскай супольнасці (АГС) прасоўвалі сваю дзейнасць і разумелі, як працуе прасоўванне і што яно ўключае.

Веданне правілаў прасоўвання сваёй дзейнасці дапаможа АГС эфектыўна камунікаваць з грамадскасцю, а таксама ствараць і падтрымліваць пазітыўны імідж. Гэта дазволіць прыцягваць больш рэсурсаў і сродкаў, такіх як валанцёр_кі, партнёр_кі, спонсары, што, у сваю чаргу, дазволіць палепшыць якасць сваёй працы і дасягнуць больш значных вынікаў.

Гэта таксама дапаможа арганізацыям і ініцыятывам падвысіць дасведчанасць грамадскасці аб сваіх праблемах і ініцыятывах, а таксама прыцягнуць увагу СМІ, што можа прывесці да больш шырокага распаўсюджвання інфармацыі аб вашай дзейнасці і дасягненнях.

На курсе вы будзеце вывучаць такія пытанні:

  • Як выбудоўваць грунтоўныя і якасныя камунікацыйныя стратэгіі;
  • Дзе шукаць мэтавыя аўдыторыі і якой мовай з імі размаўляць;
  • Як сфармаваць ясныя пазіцыянаванне і мэсэджы для публічнай камунікацыі і чаму гэта важна;
  • Як эфектыўна працаваць з медыя і сацсеткамі.

Вас чакае 7 заняткаў з эксперткамі. Гэта не лекцыі – падчас сустрэч вы будзеце рабіць практыкаванні, абменівацца ідэямі і дыскутаваць. Каб курс быў сапраўды карысным, важна актыўна ўдзельнічаць і не прапускаць заняткі. Калі ласка, ацаніце свае магчымасці па часе і высілках, якія вы гатовыя ўкласці ў навучанне.

Расклад заняткаў на курсе

Заняткі будуць праходзіць штосераду (18:30 па Менску) і штосуботу (13:00 па Менску). Прыкладны час адной сустрэчы – паўтары-дзве гадзіны.

  • 19.04 – Уводзіны ў маркетынг і стратэгію: як зразумець, куды вы ідзяце.
  • 22.04 – Як знаходзіць і вывучаць сваю мэтавую аўдыторыю.
  • 26.04 – Як узаемадзейнічаць з аўдыторыяй і будаваць супольнасць.
  • 29.04 – Вывучэнне рынку: як вылучыцца сярод іншых арганізацый, канкурэнт_ак і кале_жанак. Пазіцыянаванне і ключавыя паведамленні: як зразумець, што казаць пра сябе. Фармаванне брэнду: як дамагчыся вядомасці, калі грошай няма.
  • 03.05 – Прасоўванне дзейнасці ў медыя. PR вашай арганізацыі ці дзейнасці.
  • 06.05 – Праца ў сацсетках у сучасных крызісных умовах.
  • 10.05 – Супрацоўніцтва з сяброўскімі арганізацыямі.

Падаць заяўку на курс можна да 10 красавіка ўключна. Усе заяўкі праходзяць сур’ёзную верыфікацыю, каб вы маглі разлічваць на бяспечную анлайн-прастору, дзе можна выкарыстоўваць камеры і мікрафон, знаёміцца, выказваць свае думкі.

Па ўсіх пытаннях пішыце на study.help@rada.fm.

Падрабязнасці пра курс можна пачытаць на сайце.

02.04.2023 - 10.04.2023
Online
Просмотры: 586