Мае сэнс: анлайн-курс для тых, хто жадае разабрацца ў працы АГС — OEEC

Мае сэнс: анлайн-курс для тых, хто жадае разабрацца ў працы АГС

ОЕЕС аб’яўляе набор на адукацыйны анлайн-курс «Мае сэнс»!

Гэта курс пра тое, як уладкаваны грамадскія арганізацыі і ініцыятывы: як даведвацца пра патрэбы мэтавых груп, распрацоўваць праекты, прасоўваць дзейнасць і паслугі, арганізоўваць працу каманды і працэсы. Рэгіструйся на курс да 17 кастрычніка.

Валанцёрыш у некамерцыйнай арганізацыі і часам здаецца, што ўсе людзі размаўляюць на незразумелай мове? Табе даручылі напісаць справаздачу, а ты не ведаеш, з чаго пачаць, і нават чат GPT не дапамог? У нас ёсць для цябе прапанова, якая дакладна «Мае сэнс»!

На курсе мы раскажам як:

  • наладжана структура і працэсы ў арганізацыях грамадзянскай супольнасці;
  • ацэньваць патрэбы мэтавых груп;
  • распрацоўваць праекты і пісаць праектныя заяўкі, якія падтрымаюць;
  • наладзіць экалагічную камунікацыю і працу ў камандзе, пра якую ўсе гавораць;
  • прасоўваць сваю дзейнасць і паслугі;
  • інтэграваць скразныя каштоўнасці у дзейнасць арганізацыі і што гэта ўвогуле такое;
  • наладзіць арганізацыйную бяспеку;
  • пісаць якасныя справаздачы і тэхнічныя заданні;
  • клапаціцца пра сябе і не выгараць;
  • і шмат іншага.

А што наконт праграмы?

Праграма складаецца з кароткіх навучальных відэаролікаў, варкшопаў, тэкстаў і заданняў, і табе будуць даступныя:

  • 10 анлайн-варкшопаў і лекцый з эксперт_камі курса;
  • 2 нэтворкінга ў фармаце дыскусій і абмеркавання кейсаў;
  • самастойнае вывучэнне матэрыялаў на анлайн-платформе;
  • практычныя заданні з магчымасцю атрымаць зваротную сувязь;
  • чулліва адабраныя дадатковыя матэрыялы па тэмах.

Для каго гэты курс?

Праграма арыентавана на прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці і ініцыятыў з невялікім досведам працы, якія жадаюць пашырыць свае веды або ўзмацніць іх. Падавацца могуць да 3 чалавек ад адной арганізацыі ці ініцыятывы. Для ўдзелу не прынцыпова, у якой краіне ты будзеш  знаходзіцца падчас навучання.

Калі пройдзе курс?

З 19 кастрычніка па 20 лістапада 2023 года.

19 кастрычніка з 19:00 да 20:30 (па Мінску) мы правядзем першую азнаямленчую сустрэчу ў Zoom, каб распавесці пра адукацыйную платформу і напаўненне курса.

Варкшопы і сустрэчы будуць праходзіць па панядзелках, серадах і пятніцах. Першы запланаваны на 20 кастрычніка, а 20 лістапада мы сустрэнемся на анлайн-выпускным.


Рэгіструюся!


Яшчэ пра фармат навучання

Курс размешчаны на анлайн-платформе ў фармаце адукацыйнага плэйліста. Гэта як музычны плэйліст, толькі замест песень і падкастаў будуць відэа, варкшопы і тэксты ад экспертнай каманды. Ты можаш сам_а вырашыць, колькі часу аддаць на навучанне, каб прайсці ўсе трэкі ці найбольш цікавыя.

Варкшопы і нэтворкінгі будуць праходзіць у Zoom (з дыскусіямі, інтэрактывам і працай у малых групах). Ты можаш удзельнічаць у іх з уключанай ці выключанай камерай і мікрафонам, пад сваім імем ці псеўданімам. Усё залежыць ад твайго асабістага пачуцця бяспекі. Запіс сустрэч не прадугледжаны.

За выкананне заданняў ты будзеш атрымліваць бэйджы (віртуальныя значкі), а пасля паспяховага праходжання курса сертыфікат.

Напрыканцы курса таксама мы прапануем ментарскія часы (кансультацыі) у межах пройдзенных тэм.

Мовы курса: беларуская і расейская.

Як прыняць удзел?

Запоўні форму да 17 кастрычніка (уключна).

Не пазней за 18 кастрычніка ты атрымаеш зваротную сувязь на пазначаную пошту. Правярай тэчку «Спам», каб не прапусціць ліст. Звярні ўвагу, што мы пакідаем за сабой права адбору ўдзель_ніц на падставе прадстаўленай у анкеце інфармацыі.

Удзел у курсе бясплатны.

Як з намі звязацца?

Па ўсіх пытаннях пішы нам на пошту oeec.online@gmail.com або ў Інстаграм.

Теги:
07.10.2023 - 17.10.2023
Online
Просмотры: 983