Базавая школа па правах чалавека і адвакацыі правоў моладзі — OEEC

Базавая школа па правах чалавека і адвакацыі правоў моладзі

Адукацыйна-асветніцкая ініцыятыва «Беларуская Праваабарончая школа» сумесна з Беларускім нацыянальным моладзевым саветам «РАДА» абвяшчаюць набор на Базавую школу па правах чалавека і адвакацыі правоў моладзі.

Пра Школу

На працягу васьмі дзён навучання будуць адбывацца лекцыі, семінары, варкшопы і іншыя заняткі розных інтэрактыўных формаў (напрыклад, форум-тэатр, відэа-лекцыі і інш).

Асноўныя тэмы: уводзіны ў канцэпцыю правоў чалавека, роўнасць і недыскрымінацыя, нацыянальныя і міжнародныя механізмы абароны правоў чалавека, смяротнае пакаранне, мова варожасці, дзеянні ў абарону правоў чалавека і грамадскіх інтарэсаў і інш.

Скразной тэмай, якая будзе закранаць усе блокі праграмы, будзе тэма адвакацыі правоў моладзі — за час Школы вы таксама даведаецеся пра youth rights, міжнародныя інструменты абароны правоў моладзі і тое, як адвакатаваць інтарэсы беларускай моладзі.

Найбольш матываваныя ўдзельнікі і ўдзельніцы пасля аканчэння праграмы могуць прэтэндаваць на ўдзел у адукацыйным моладзевым візіце ў Нарвегію для атрымання новага досведу, пашырэння кантактаў і дапрацоўкі уласных праектаў, накіраванах на адвакацыю правоў моладзі (кастрычнік 2023).

Працоўныя мовы: беларуская, руская.

У якасці выклад_чыц, трэнер_ак і эксперт_ак Школы выступяць прадстаўні_цы вядучых праваабарончых арганізацый Беларусі і іншых краін, вядомыя і аўтарытэтныя спецыяліст_кі ў галіне правоў чалавека і права.

Хто можа ўдзельнічаць

Да ўдзелу ў праграме запрашаюцца маладыя беларус_кі (18–35 год) незалежна ад месца актуальнага пражывання, якія зацікаўлены ў набыцці ведаў у галіне правоў чалавека. Група будзе сфармавана з 20-22 чалавек на конкурснай аснове.

Пры наяўнасці высокай матывацыі і рэкамендацый узроставыя межы могуць быць пашырыныя па рашэнні арганізатараў праграмы.

Умовы ўдзелу

Удзел у занятках і навучальныя матэрыялы бясплатныя. У межах праграмы кампенсуюцца транспартныя выдаткі, пражыванне і харчаванне. Магчыма дапамога ў візавым пытанні.

Арганізатары пакідаюць за сабой права выключыць удзельніка ці ўдзельніцу на любым этапе праграмы ў выпадку невыканання ўмоваў і патрабаванняў удзелу.

Даты і месца правядзення Школы: 1–8 жніўня 2023 года, Варшава.

Заяўкі прымаюць да 15 ліпеня ўключна. Пра вынікі адбору паведамяць не пазней за 20 ліпеня.

26.06.2023 - 09.07.2023
Варшава
Просмотры: 624